Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Инструктивно-методическое письмо

Дата: 30 октября 2019 в 08:45

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Намеснік Міністра адукацыі

Рэспублікі Беларусь

________________Р. С. Сідарэнка

«10» ліпеня 2019 г.

іНСТРУКТЫЎНА-МЕТАДЫЧНАЕ ПІСЬМО

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭспублІкІ Беларусь

«АБ АРГАНІЗАЦЫІ Ў 2019/2020 НАВУЧАЛЬНЫМ ГОДЗЕ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ ВА ЎСТАНОВАХ АДУКАЦЫІ, якія рэалізуюць Адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай АДУКАЦЫІ НА ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай АДУКАЦЫІ НА ўзроўні дашкольнай адукацыі ДЛЯ АСОБ З інтэлектуальнай недастатковасцю»

АСНОЎНЫЯ НАПРАМКІ ДЗЕЙНАСЦІ

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю (далей – установы адукацыi), у 2019/2020 навучальным годзе з’яўляюцца:

захаванне даступнасці адукацыі для выхаванцаў ранняга і дашкольнага ўзросту;

забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах адукацыі на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння;

удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу, забеспячэнне яго карэкцыйнай накіраванасці пры працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (далей – АПФР);

стварэнне адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае задавальненне асобых адукацыйных патрэб асоб з АПФР;

сістэмная і паслядоўная праца па фарміраванні інклюзіўнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

ЗАХАВАННЕ даступнасці і варыятыўнасці АДУКАЦЫІ для выхаванцаў ранняга і дашкольнага ЎЗРОСТУ, У ТЫМ ЛІКУ З АПФР

Прыём, перавод і адлічэнне выхаванцаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей – Кодэкс), Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 № 150 (далей – Палажэнне аб установе дашкольнай адукацыі), Інструкцыі аб парадку пераводу, аднаўлення i адлiчэння навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20.12.2013 № 130 (далей – Інструкцыя), Палажэння аб спецыяльнай дашкольнай установе, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2011 № 90 (далей – Палажэнне аб спецыяльнай дашкольнай установе), Правіламі знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.01.2006 № 73.

Звяртаем увагу, што работа з грамадзянамі ажыццяўляецца на аснове заяўляльнага прынцыпу. У выпадках жадання бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзіцяці перавесці яго ў іншую ўстанову дашкольнай адукацыі, накіраванне ва ўстанову адукацыі павінна быць выдадзена ў дзень звароту. Падчас выдачы накіравання неабходна карыстацца патрабаваннямі пункта 45 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі аб тым, што прыём асобы ва ўстанову дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца на працягу каляндарнага года пры наяўнасці ў ёй свабодных месцаў. У адпаведнасці з артыкулам 270 Кодэкса гэта патрабаванне распаўсюджваецца і на спецыяльныя дашкольныя ўстановы.

Міністэрства адукацыі рэкамендуе пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у адносінах да грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, іншых арганізацый уключаць у рэгістрацыйна-кантрольныя формы рэквізіты, неабходныя для забеспячэння ўліку заяў бацькоў (законных прадстаўнікоў) непаўналетніх на выбар адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (руская, беларуская), а таксама тлумачыць бацькам (законным прадстаўнікам) непаўналетніх магчымасці атрымання адукацыі на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

Падпунктам 5.6 пункта 5 артыкула 79 Кодэкса вызначана, што датэрміновае спыненне адукацыйных адносін па ініцыятыве ўстановы адукацыі ажыццяўляецца ў выпадку працяглай адсутнасці выхаванца (больш за трыццаць дзён) без уважлівых прычын на занятках на працягу года.

Кіраўнік установы дашкольнай адукацыі мае права самастойна ў кожным асобным выпадку (з улікам канкрэтных абставін) вырашаць пытанне аб тым, ці з’яўляюцца тыя ці іншыя прычыны адсутнасці выхаванца ва ўстанове дашкольнай адукацыі слушнымі.

У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў гэтае пытанне вырашаецца органам кіравання адукацыяй, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўстанова дашкольнай адукацыі, якую наведвае дзіця.

У прыватнасці, слушнымі прычынамі могуць прызнавацца такія абставіны, якія аб’ектыўна перашкаджаюць бацькам (законным прадстаўнікам) выхаванца прывесці сваё дзіця ва ўстанову дашкольнай адукацыі:

хвароба дзіцяці;

санаторна-курортнае лячэнне;

знаходжанне дзіцяці на дамашнім рэжыме (па рэкамендацыі ўстановы аховы здароўя);

каранцін;

наяўнасць лістка непрацаздольнасці ў бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванца;

адпачынак бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванца;

службовая камандзіроўка бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванца;

выхадныя дні бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў, у тым ліку праца па зменным графіку, пры прадастаўленні дадатковага вольнага ад працы дня ў тыдзень маці ў адпаведнасці з артыкулам 265 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

прастой арганізацыі (падраздзялення), у якой працуюць бацькі (законныя прадстаўнікі) выхаванца;

часовая страта працы бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) выхаванца па незалежных абставінах;

канікулы (летнія – 90 каляндарных дзён, зімовыя – 10 каляндарных дзён, вясновыя – 10 каляндарных дзён, ва ўстановах спецыяльнай адукацыі ў залежнасці ад цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў – дадатковыя (восеньскія) канікулы працягласцю не больш за 10 дзён);

прадпісанні санітарна-эпідэміялагічнай службы аб закрыцці ўстановы дашкольнай адукацыі;

надыход надзвычайных абставін, у тым ліку часовае прыпыненне працы транспарту;

непрадбачаныя сямейныя абставіны (пераезд, смерць ці хвароба блізкіх сваякоў).

Рашэнне аб адлічэнні (спыненні адукацыйных адносін) выхаванца прымае кіраўнік установы дашкольнай адукацыі шляхам выдання загаду, у якім указваецца падстава для адлічэння (пункт 51 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі, пункт 16 Інструкцыі).

ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ЗДАРОЎЕЗБЕРАГАльнАГА ПРАЦЭСУ ВА ЎСТАНОВАХ ДАШКОЛЬНАЙ АДУКАЦЫІ НА АСНОВЕ МІЖВЕДАМАСНАГА ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ

Забеспячэнне бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, прафілактыка дзіцячага траўматызму

Пунктам 4 артыкула 20 Кодэкса вызначана, што стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляецца абавязкам установы адукацыі. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 31 Кодэкса навучэнцы маюць права на ахову жыцця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу.

За стварэнне здаровых і бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі кіраўнік установы дашкольнай адукацыі, педагагічныя работнікі нясуць персанальную адказнасць у адпаведнасці з палажэннямі Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых «Пасады служачых, якія занятыя ў адукацыі», зацверджанага пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 28.04.2001 № 53 (далей — АКДПС).

У службовых абавязках кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, іх намеснікаў і іншых педагагічных работнікаў у абавязковым парадку павінна быць замацавана адказнасць за забеспячэнне бяспечных умоў для навучэнцаў падчас іх знаходжання ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

Пры атрыманні выхаванцам траўмы педагагічныя работнікі абавязаны прыняць меры па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі, выкліку на месца здарэння медыцынскіх работнікаў або дастаўцы пацярпелага ў арганізацыю аховы здароўя і неадкладна паведаміць яго бацькам (законным прадстаўнікам).

Расследаванне няшчасных выпадкаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб расследаванні і ўліку няшчасных выпадкаў з навучэнцамі і выхаванцамі, якая зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 07.08.2003 № 58.

Неабходна не толькі штогод разглядаць пытанні стану траўматызму навучэнцаў і забеспячэння бяспекі іх жыццядзейнасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі на ўсіх пасяджэннях саветаў структурных падраздзяленняў гарадскіх, раённых, абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі (далей – органаў кіравання адукацыяй), педагагічных саветаў устаноў дашкольнай адукацыі, але і аналізаваць прычыны атрымання траўм выхаванцамі ва ўстанове дашкольнай адукацыі, ліквідаваць умовы, якія спрыяюць іх атрыманню, планаваць і праводзіць мерапрыемствы з улікам распрацаваных рэгіянальных міжведамасных комплексаў першачарговых мер па прафілактыцы і папярэджанні траўматызму навучэнцаў ва ўстановах адукацыі.

Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу на тое, што для забеспячэння ўмоў бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі, выключэння магчымасці стварэння перадумоў для ўзнікнення надзвычайных сітуацый, узмацнення кантролю доступу пабочных асоб ва ўстановы дашкольнай адукацыі неабходна:

узмацніць кантроль за выкананнем патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, інструктыўна-метадычных пісьмаў, пастаноў, калегій Міністэрства адукацыі па пытаннях забеспячэння бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстановах дашкольнай адукацыі;

прадоўжыць правядзенне работ па абсталяванні ўстаноў дашкольнай адукацыі сістэмамі відэанагляду, ручнымі сістэмамі трывожнай сігналізацыі, устаноўцы кодавых замкоў (дамафонаў), званкоў;

праводзіць агульныя (групавыя) бацькоўскія сходы па пытаннях забеспячэння бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту ва ўстановах дашкольнай адукацыі і ва ўмовах сямейнага выхавання;

размяшчаць на сайтах устаноў дашкольнай адукацыі, інфармацыйных стэндах ва ўзроставых групах матэрыялы па гэтай тэматыцы;

аператыўна інфармаваць кіраўніцтва аб надзвычайных сітуацыях ва ўстанове адукацыі.

Педагагічныя работнікі павінны візуальна правяраць групавыя памяшканні, гульнявыя пляцоўкі на прадмет іх бяспечнага стану і спраўнасці абсталявання, наяўнасці прадметаў і рэчываў, падазроных і небяспечных для жыцця і здароўя. Пры выяўленні парушэння рэжыму бяспекі яны абавязаны неадкладна прыняць меры па іх ліквідацыі, паведаміць аб гэтым загадчыку ўстановы дашкольнай адукацыі.

Арганізоўваць адукацыйны працэс да ліквідацыі выяўленых парушэнняў забараняецца.

З мэтай забеспячэння бяспекі выхаванцаў фізічнае выхаванне ва ўстанове адукацыі павінна быць арганізавана з улікам Санітарных норм і правілаў «Патрабаванні для ўстаноў дашкольнай адукацыі» (пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 25.01.2013 № 8), Інструкцыі аб парадку арганізацыі і кадравым забеспячэнні фізічнага выхавання навучэнцаў (пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2018 № 55), Правілаў бяспекі правядзення заняткаў фізічнай культурай і спортам (пастанова Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2018 № 60), а менавіта:

1. Фізкультурна-спартыўнае і гульнявое абсталяванне на тэрыторыі ўстановы адукацыі, спартыўны інвентар па канструкцыі, памерах, выкарыстаных матэрыялах павінны адпавядаць узроставым і псіхафізічным асаблівасцям выхаванцаў, патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, павінны быць водатрывалымі і добра паддавацца ачыстцы.

2. Для заняткаў па фізічнай культуры павінна быць прадугледжана асобная зала плошчай 4 кв.м на 1 выхаванца, але не менш за 30 кв.м.

3. Пры ўмяшчальнасці ўстановы адукацыі не больш за 100 выхаванцаў зала для музычных заняткаў і зала для заняткаў па фізічнай культуры могуць быць сумешчанымі плошчай 4,5 кв. м на выхаванца, але не менш за 50 кв.м.

4. Для заняткаў па фізічнай культуры павінна прадугледжвацца сонечная ахова залы.

5. У залах для музычных заняткаў і заняткаў па фізічнай культуры вільготная ўборка праводзіцца пасля кожных заняткаў.

6. Заняткі па адукацыйнай галіне «Фізічная культура» («Адаптыўная фізічная культура»), фізкультурна-аздараўляльныя мерапрыемствы праводзяцца кіраўніком фізічнага выхавання, інструктарам па лячэбнай фізкультуры.

7. Забараняецца правядзенне заняткаў па адукацыйнай галіне «Фізічная культура» («Адаптыўная фізічная культура») і фізкультурна-аздараўляльных мерапрыемстваў у выпадках:

наяўнасці складаных метэаралагічных умоў;

няспраўнасці фізкультурна-спартыўнага будынка, спартыўнага інвентара і (або) спартыўнага абсталявання;

адсутнасці зацверджанага ва ўстаноўленым парадку акта гатоўнасці фізкультурна-спартыўнага будынка да правядзення заняткаў фізічнай культурай і спортам;

адсутнасці кіраўніка фізічнага выхавання, інструктара па лячэбнай фізкультуры.

Адной з найважнейшых задач установы адукацыі з’яўляецца стварэнне ўмоў для забеспячэння псіхалагічнай бяспекі выхаванцаў, накіраваных на абарону дзяцей ад негатыўных уздзеянняў і прагназаванне магчымых пагроз з мэтай папярэджання парушэнняў у станаўленні іх асобы.

Выхавальнікі дашкольнай адукацыі на ранняй стадыі павінны выяўляць псіхалагічныя праблемы ў развіцці асобы выхаванца, актыўна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе псіхалагічныя веды, накіраваныя на вырашэнне канфліктных сітуацый, стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў дзіцячых калектывах.

Педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі павінны ажыццяўляць рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на псіхалагічнае вывучэнне выхаванцаў для забеспячэння індывідуальнага падыходу на працягу ўсяго перыяду навучання, іх паўнавартаснае развіццё, садзейнічанне ў папярэджанні, вырашэнні псіхалагічных праблем у выхаванцаў, павышэнне псіхалагічнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Звяртаем увагу на няўхільнае выкананне загаду Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 15.02.2018 № 119а «Аб мерах, накіраваных на прафілактыку ўчыненняў злачынстваў ва ўстановах адукацыі ў адносінах да навучэнцаў» і Алгарытма інфармавання педагагічнымі работнікамі бацькоў, апекуноў навучэнцаў і (або) супрацоўнікаў унутраных спраў аб наяўнасці прымет насілля ў адносінах да непаўналетніх, асноўнай мэтай якога з’яўляецца своечасовая дапамога ў рэабілітацыі непаўналетніх, якія падвергліся насіллю.

Інфармуем пра тое, што з 1 верасня 2019 года рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, створаны на базе Інстытута псіхалогіі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» (загад Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2019 № 155), забяспечыць практычнае аказанне псіхалагічнай дапамогі бацькам (законным прадстаўнікам) выхаванцаў і педагагічным работнікам сістэмы адукацыі.

Прафілактыка сямейнай непаспяховасці павінна заставацца прыярытэтнай у рабоце ўстаноў адукацыі, паколькі захаванне дзіцяці ў роднай сям’і з’яўляецца самым эфектыўным вынікам міжведамаснага ўзаемадзеяння.

У сувязі са зменамі шлюбна-сямейнага заканадаўства забяспечана распрацоўка пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 г. № 22 «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы».

Звяртаем увагу на недапушчальнасць:

правядзення абследавання ўмоў жыцця і выхавання дзіцяці і сацыяльнага расследавання толькі педагагічнымі работнікамі без прыцягнення іншых суб’ектаў прафілактыкі;

вызначэння мерапрыемстваў па ліквідацыі прычын і ўмоў недабрабыту ўстановамі адукацыі самастойна без уліку кампетэнцыі суб’ектаў прафілактыкі;

разгляду на пасяджэнні савета па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў вынікаў сацыяльнага расследавання без удзелу бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў і зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі.

Важна адзначыць, што ў пастанове дакладна вызначаны крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча, пералічаны ўсе суб’екты прафілактыкі сямейнага недабрабыту і іх кампетэнцыі, а таксама вызначаны парадак правядзення сацыяльнага расследавання і разгляду яго вынікаў.

Педагагічнымі работнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі павінен праводзіцца ранішні прыём выхаванцаў, які прадугледжвае апытанне бацькоў аб самаадчуванні выхаванца і візуальную ацэнку стану яго здароўя. Пры падазрэнні на захворванне выхаванец накіроўваецца на агляд да медыцынскага работніка для прыняцця рашэння аб магчымасці допуску ва ўстанову дашкольнай адукацыі.

Бацькі (законныя прадстаўнікі) выхаванца або іншыя асобы, якія па іх даручэнні прыводзяць яго ва ўстанову дашкольнай адукацыі, павінны перадаць дзіця выхавальніку дашкольнай адукацыі, а ў выпадку яго адсутнасці – іншаму педагагічнаму работніку, які ажыццяўляе прыём выхаванцаў групы.

У выпадку, калі існуе аб’ектыўная прычына, па якой бацькі (законныя прадстаўнікі) дзіцяці не могуць забіраць яго з установы дашкольнай адукацыі (хвароба, службовая камандзіроўка, графік працы і інш.), гэта могуць ажыццяўляць іншыя асобы (блізкія сваякі) на падставе заявы бацькоў (законных прадстаўнікоў). Пра гэта бацькі (законныя прадстаўнікі) дзіцяці павінны праінфармаваць кіраўніка ўстановы адукацыі.

Забараняецца аддаваць выхаванцаў асобам, якім не споўнілася 16 гадоў, і асобам, якія знаходзяцца ў алкагольным або наркатычным ап’яненні.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі павінен быць забяспечаны належны санітарна-тэхнічны стан будынка, памяшканняў, камунікацый і санітарна-тэхнічнага абсталявання.

Кругласутачны доступ у будынак установы адукацыі дазваляецца:

кіраўніку ўстановы адукацыі, яго намеснікам;

персаналу абслуговых арганізацый пры ўзнікненні аварыйных сітуацый, а таксама асобам, якія ажыццяўляюць дзяжурства (вартаўнікам).

Доступ у будынак установы адукацыі службовых асоб абслуговых арганізацый, іншых наведвальнікаў павінен ажыццяўляцца пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу, рэгістрацыі наведвальніка вартаўніком у часопісе рэгістрацыі наведвальнікаў з указаннем мэты наведвання.

Транспартны і пешаходны транзіт праз тэрыторыю ўстановы адукацыі забараняецца.

Праезд службовага аўтатранспарту ажыццяўляецца ў адпаведнасці з графікам. Службовы аўтатранспарт па дастаўцы абсталявання, іншых матэрыялаў можа прапускацца на тэрыторыю ўстановы адукацыі пры прад’яўленні таварна-транспартнай накладной і (або) пуцявога ліста.

Пры стыхійных бедствах, іншых надзвычайных сітуацыях, а таксама пры раптоўным узнікненні сітуацый, якія патрабуюць экстранага або неадкладнага медыцынскага ўмяшання, спецыяльны транспарт на тэрыторыю ўстановы адукацыі павінен прапускацца бесперашкодна.

У выпадку знікнення выхаванца неабходна неадкладна арганізаваць яго пошук, паведаміць у бліжэйшае аддзяленне міліцыі і яго бацькам (законным прадстаўнікам).

Адрасы і нумары тэлефонаў загадчыка ўстановы дашкольнай адукацыі, хуткай дапамогі, пажарнай і іншых аварыйных служб павінны быць размешчаны ў кожнай установе адукацыі на інфармацыйных стэндах.

Пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый прыроднага або тэхнагеннага характару, выяўленні падазроных рэчываў і прадметаў неабходна патэлефанаваць на нумары «101, «102» або адзіны нумар экстранай дапамогі «112».

У выпадку ўзнікнення пажару дзеянні загадчыка ўстановы адукацыі павінны быць накіраваны на забеспячэнне бяспекі выхаванцаў, работнікаў установы дашкольнай адукацыі і іх эвакуацыю ў адпаведнасці з Правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ППБ Беларусі 01-2014, зацверджанымі пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 14.03.2014 № 3.

Да прыбыцця прадстаўнікоў адпаведных структур педагагічныя работнікі абавязаны неадкладна эвакуіраваць выхаванцаў, якія знаходзяцца ў небяспечнай зоне, і забяспечыць ахову зоны ад пранікнення старонніх асоб.

Кіраўнік установы адукацыі павінен інфармаваць органы і ўстановы, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, а таксама іншыя ўпаўнаважаныя органы і арганізацыі, аб аварыйных сітуацыях у будынку і на тэрыторыі ўстановы адукацыі, якія ствараюць пагрозу санітарна-эпідэміялагічнаму дабрабыту.

Кіраўнік установы адукацыі абавязаны забяспечыць распрацоўку і выкананне комплексу мер па рэалізацыі забароны курэння (спажывання) тытунёвых вырабаў работнікамі на тэрыторыі і ў памяшканнях установы адукацыі.

Забараняецца выкарыстоўваць у групавых памяшканнях і месцах знаходжання выхаванцаў электрапліткі, кіпяцільнікі, электрачайнікі і інш.; прымяняць для мэтаў ацяплення нестандартныя (самаробныя) награвальныя прылады; пакідаць без нагляду ўключаныя ў электрасетку электрапрыборы.

У адпаведнасці з пісьмом ад 19.06.2019 № 02-02-19/5439/дс «Аб узмацненні адказнасці за стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці навучэнцаў» Міністэрства адукацыі патрабуе забяспечыць:

няўхільнае выкананне нарматыўных прававых актаў, інструктыўна-метадычных пісьмаў, рашэнняў калегій Міністэрства адукацыі па пытаннях забеспячэння бяспечных умоў жыццядзейнасці навучэнцаў;

прыняцце дадатковых мер па выключэнні выпадкаў траўматызму ва ўстановах адукацыі і жорсткіх мер да педагагічных работнікаў, якія дапускаюць безадказнае стаўленне да сваіх службовых абавязкаў і не забяспечваюць бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці навучэнцаў.

НАВУКОВА-метадычнае ЗАБЕСПЯЧЭННЕ дашкольнай адукацыі, спецыяльнай АДУКАЦЫІ НА ўзроўні дашкольнай адукацыі

Вучэбныя планы і вучэбныя праграмы

У 2019/2020 навучальным годзе адукацыйны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі будзе ажыццяўляцца па абноўленым змесце вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Вучэбная праграма з’яўляецца комплекснай і яе змест выкладзены з улікам асноўных напрамкаў развіцця выхаванца: фізічнага, сацыяльна-маральнага і асобаснага, пазнавальнага, маўленчага, эстэтычнага, якія рэалізуюцца праз змест адукацыйных галін: «Фізічная культура», «Дзіця і грамадства», «Элементарныя матэматычныя ўяўленні», «Дзіця і прырода», «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін», «Развитие речи и культура речевого общения», «Подготовка к обучению грамоте», «Падрыхтоўка да навучаня грамаце», «Выяўленчае мастацтва», «Музычнае мастацтва», «Мастацкая літаратура».

Змест вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі арыентуе на забеспячэнне рознабаковага развіцця кожнага дзіцяці, фарміраванне ў яго базавага даверу да свету і ўніверсальных, у тым ліку творчых здольнасцей, адпаведных узроставай спецыфіцы і патрабаванням сучаснага грамадства.

Навучанне і выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту арганізуюцца ва ўмовах блізкароднаснага (беларуска-рускага) білінгвізму і накіравана, у тым ліку, і на засваенне імі дзвюх дзяржаўных моў.

З гэтай мэтай рэкамендуецца рэалізоўваць змест адукацыйнай галіны «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання, адукацыйнай галіны «Развитие речи и культура речевого общения» ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання ў групе другога ранняга ўзросту (ад 1 года да 2 гадоў), першай малодшай (ад 2 да 3 гадоў), у першым паўгоддзі ў другой малодшай групе (ад 3 да 4 гадоў) у нерэгламентаванай дзейнасці. З другога паўгоддзя ў другой малодшай групе (ад 3 да 4 гадоў) рэалізацыя зместу названых адукацыйных галін ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці ў адпаведнасці з тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі.

Пры рэалізацыі зместу адукацыйнай галіны «Мастацкая літаратура» ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці ў групе другога ранняга ўзросту (ад 1 года да 2 гадоў), першай малодшай (ад 2 да 3 гадоў), другой малодшай групе (ад 3 да 4 гадоў) ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання выкарыстоўваюцца творы мастацкай літаратуры і фальклору на беларускай мове, ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання – творы мастацкай літаратуры і фальклору на рускай мове. Пачынаючы з сярэдняй групы (ад 4 да 5 гадоў) у спецыяльна арганізаванай дзейнасці выкарыстоўваюцца творы мастацкай літаратуры і фальклору на рускай і беларускай мовах.

Ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйны працэс ажыццяўляецца ў адпаведнасці з вучэбнымі планамі спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі на 2019/2020 навучальны год, зацверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У працы з дзецьмі з парушэннямі зроку рэкамендуецца выкарыстанне адаптаванага варыянту вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Электронныя версіі праграм спецыяльнай адукацыі, адаптаванага варыянту вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале adu.by ў раздзеле «Адукацыйны працэс. 2019/2020 навучальны год» / «Спецыяльная адукацыя» і на сайце http://asabliva.by у раздзеле «Вучэбныя планы, праграмы, падручнікі, дапаможнікі».

У працы з дзецьмі дашкольнага ўзросту з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні), з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата разам з адпаведнымі праграмамі для спецыяльных дашкольных устаноў рэкамендуецца выкарыстоўваць вучэбную праграму дашкольнай адукацыі. Спецыфіка яе рэалізацыі для гэтых катэгорый дзяцей вызначаецца ўмовамі, выбарам сродкаў, форм, метадаў, спецыяльных прыёмаў навучання выхаванцаў; арганізацыяй адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя з улікам патрэб дзяцей.

У працы з дзецьмі з парушэннем слыху, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з інтэлектуальнай недастатковасцю змест вучэбных праграм па адукацыйных галінах размяркоўваецца з улікам вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі на 2019/2020 навучальны год.

Звяртаем увагу, што напрамкі карэкцыйных заняткаў у працы з дзецьмі з АПФР пры спалучэнні некалькіх парушэнняў вызначаюцца ў адпаведнасці з заключэннем Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (далей – ЦКРНіР).

Асноўнымі формамі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі з’яўляюцца гульня, заняткі.

Максімальная нагрузка на выхаванцаў ранняга і дашкольнага ўзросту пры правядзенні спецыяльна арганізаваных форм адукацыйнага працэсу — гульні (заняткаў), рэгламентаваных тыпавым вучэбным планам, колькасць і віды заняткаў, іх працягласць і месца ў распарадку дня павінны вызначацца педагагічным работнікам у адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, вучэбным планам установы дашкольнай адукацыі, распрацаваным і зацверджаным ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, з улікам стану здароўя, фізіялагічнай падрыхтаванасці выхаванцаў.

Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу на тое, што дамашнія заданні ва ўсіх узроставых групах задавацца не павінны.

З мэтай індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі дашкольнай адукацыі абноўленая вучэбная праграма дашкольнай адукацыі ўключае кампаненты, якія вызначаюцца заканамернасцямі развіцця дзяцей, спрыяюць пашырэнню і раскрыццю магчымасцей, задавальненню індывідуальных патрэб кожнага выхаванца з улікам зоны яго бліжэйшага развіцця.

Змест кампанентаў прыведзены ў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі: «Дзіцячы фітнес», «Найпрасцейшы турызм»; «Замежная мова (англійская, нямецкая, французская)»; «Дзіцячае ручное ткацтва», «Тэхнічнае канструяванне», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Харэаграфія». Выбар кампанентаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з запытамі законных прадстаўнікоў выхаванцаў, рэсурснымі магчымасцямі ўстановы дашкольнай адукацыі.

Заняткі пры рэалізацыі названых кампанентаў праводзяцца не раней, чым з сярэдняй групы выхаванцаў (ад 4 да 5 гадоў) установы адукацыі. Працягласць заняткаў не павінна перавышаць у сярэдняй групе выхаванцаў (ад 4 да 5 гадоў) 20 хвілін; старшай (ад 5 да 6 гадоў) – 25 хвілін; старшай (ад 6 да 7 гадоў) – 30 хвілін.

Вучэбныя выданні і сродкі навучання

Да выкарыстання ў адукацыйным працэсе дапускаюцца вучэбныя выданні (падручнікі, вучэбныя дапаможнікі і іншыя вучэбныя выданні), якія ўтрымліваюць з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў сістэматызаваныя звесткі навуковага або прыкладнога характару, неабходныя для рэалізацыі адукацыйных праграм, выкладзеныя ў форме, зручнай для арганізацыі адукацыйнага працэсу, афіцыйна зацверджаныя або дапушчаныя ў якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Установы адукацыі штогод з улікам запланаванага кантынгенту выхаванцаў і тэрмінаў выкарыстання вучэбных выданняў (вучэбныя дапаможнікі, рабочыя сшыткі – адзін год, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, вучэбныя дапаможнікі, дапаможнікі – пяць гадоў) фарміруюць заказ:

на вучэбныя выданні з улікам колькасці педагагічных работнікаў (выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання, педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-дэфектолагаў), узроставых груп і выхаванцаў ва ўстанове;

на набыццё сродкаў навучання, гульнявога і вучэбнага абсталявання і інш. у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

Алгарытм заказу вучэбных выданняў наступны:

установы адукацыi, iншыя ўстановы адукацыі і арганізацыі (незалежна ад формы ўласнасці і падпарадкаванасці), якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, падаюць сфарміраваны заказ структурным падраздзяленням гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі;

структурныя падраздзяленні гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, – структурным падраздзяленням абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі;

структурныя падраздзяленні абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, – Нацыянальнаму інстытуту адукацыі.

Пры фарміраванні раённага, гарадскога, абласнога заказу на вучэбныя выданні (для педагагічных работнікаў і дзяцей) улічваецца колькасны склад устаноў адукацыі, педагагічных работнікаў і выхаванцаў як сістэмы Міністэрства адукацыі, так і іншых ведамстваў, спецыялістаў упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, іншых устаноў адукацыі (спецыяльная дашкольная ўстанова, яслі-сад–пачатковая школа, яслі-сад–базавая школа, дзіцячы сацыяльны прытулак і інш.), а таксама ўсіх зацікаўленых.

Фарміруючы заказ, неабходна звяртаць увагу на анатацыю, у якой змяшчаецца інфармацыя пра від вучэбнага выдання (вучэбна-метадычны дапаможнік, дапаможнік, вучэбны наглядны дапаможнік, рабочы сшытак, хрэстаматыя і інш.), адрасную скіраванасць (для педагагічных работнікаў, для выхаванцаў), тып (пры неабходнасці ўдакладнення – від) установы адукацыі, для якога вучэбнае выданне прызначана. Напрыклад, вучэбнае выданне рэкамендавана педагагічным работнікам, якія працуюць у групе з дзецьмі ад 5 да 6 гадоў. Лічыцца колькасць наяўных груп для дзяцей гэтага ўзросту, дадаецца не менш за адзін экзэмпляр вучэбнага выдання для метадычнага кабінета. У выпадку, калі вучэбнае выданне з’яўляецца наглядным і выдадзена ў выглядзе вучэбнага дапаможніка, рабочага сшытка (напрыклад, вучэбна-метадычны комплекс «Мае першыя ўрокі»), неабходна зрабіць заказ на ўсіх выхаванцаў гэтай узроставай групы. Вучэбныя выданні серый «Свет дзяцінства», «Старонкі роднай зямлі» і пад. заказваюцца з разлiку не менш за 2-3 адзінкі на групу.

Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу, што пунктам 740 пераліку тыпавых дакументаў нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якія ствараюцца ў працэсе дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, з указаннем тэрмінаў захоўвання (пастанова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 24.05.2012 № 140 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 г. “Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь”»), прадугледжана абавязковая наяўнасць такога віду дакумента вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, як «Звесткі аб наяўнасці вучэбных выданняў і іншых сродкаў навучання, неабходных для арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі».

Ва ўстанове адукацыі (метадычным кабінеце, узроставай групе, кабінетах музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў і інш.) вядзецца анатаваны ўлік забяспечанасці вучэбнымі выданнямі, афіцыйна зацверджанымі або дапушчанымі ў якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэкамендаванымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі. Пералік вучэбных выданняў па дашкольнай і спецыяльнай адукацыі штогод абнаўляецца і размяшчаецца на нацыянальным адукацыйным партале (https://uchebniki.by, https://adu.by/ru/homepage/obrazovatelnyj-protses-2019-2020-uchebnyj-god/doshkolnoe-obrazovanie.html), на интернет­портале Министерства образования Республики Беларусь (http://edu.gov.by).

Забяспечанасць вучэбнымі выданнямі разлічваецца па кожнай з пазіцый асобна і ў цэлым па ўсім пераліку. Працэнт аснашчанасці ўстановы адукацыі вучэбнымі выданнямі разлічваецца штогод па формуле: наяўная колькасць вучэбных выданняў (заказаных і набытых для метадычнага кабінета, адпаведных узроставых груп, кабінетаў музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў і інш.) дзеліцца на неабходную для ўстановы адукацыі колькасць вучэбных выданняў (з улікам прыведзеных у пераліку) і памнажаецца на 100 працэнтаў. Напрыклад, калі ва ўстанове адукацыі адсутнічае тая ці іншая ўзроставая група (у тым ліку рознаўзроставая), то пры разліку працэнта аснашчанасці ў колькасць неабходных вучэбных выданняў не ўключаюцца адпаведныя пазіцыі.

Збіранне платы за карыстанне вучэбнымі дапаможнікамі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку збірання платы за карыстанне падручнікамі і (або) вучэбнымі дапаможнікамі і прадастаўлення іх у бясплатнае карыстанне, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.06.2011 № 839.

Пунктам 2 артыкула 39 Кодэкса ўстаноўлены катэгорыі навучэнцаў, для якіх прадугледжаны дыферэнцыраваныя льготы пры аплаце за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі (зніжэнне на 50 працэнтаў або вызваленне ад аплаты).

Кіраўнікам устаноў адукацыі неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на своечасовасць (да 15 жніўня) прадастаўлення бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) выхаванцаў, якія маюць права на бясплатнае карыстанне падручнікамі і (або) вучэбнымі дапаможнікамі або зніжэнне платы за карыстанне імі, адпаведных дакументаў (пасведчанне інваліда, заключэнне ЦКРНіР, пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне інваліда Айчыннай вайны або пасведчанне інваліда баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, пасведчанне аб праве на льготы або даведка аб праве на льготы, выпіска з медыцынскіх дакументаў, пасведчанне шматдзетнай сям’і, даведкі аб памеры дапамогі на дзяцей і перыядзе яе выплаты, месцы жыхарства і складзе сям’і).

Пры пераводзе выхаванца ў іншую ўстанову адукацыі, іншую арганізацыю, да індывідуальнага прадпрымальніка вучэбныя дапаможнікі перадаюцца яго бацькам (законным прадстаўнікам).

У сувязі з паступленнем зваротаў па пытаннях, звязаных з аплатай за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі навучэнцамі з сем’яў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам атрымліваюць дзяржаўныя дапамогi на дзяцей, якім больш за тры гады, Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу на наступнае.

Для мэт Кодэкса пад дзяржаўнымі дапамогамі на дзяцей, якім больш за тры гады, разумеецца дапамога на дзяцей, якім больш за тры гады, з асобных катэгорый сем’яў, якія адзначаны ў артыкуле 14 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 г. «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Так, права на дапамогу на дзяцей, якім больш за тры гады, з асобных катэгорый сем’яў маюць маці (мачыха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) пры выхаванні імі дзіцяці, якое не знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, калі ў сям’і:

выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў;

выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека;

бацька (айчым) або ўсынавіцель (удачарыцель) з’яўляецца ваеннаслужачым, якiя праходзяць тэрміновую ваенную службу, альтэрнатыўную службу;

абодва бацькі (маці (мачыха), бацька (айчым)) у поўнай сям’і або адзiны з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель) з’яўляюцца інвалідамі I ці II групы, а таксама калi адзiн з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам I групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам.

Такім чынам, бясплатнае карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі можа быць ўстаноўлена, калі бацька (законны прадстаўнік) выхаванца мае права на дзяржаўную дапамогу на дзяцей, якім больш за тры гады, у адпаведнасці з Законам.

АРГАНІЗАЦЫЯ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

Мова навучання і выхавання

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса мову навучання і выхавання ва ўстанове адукацыі вызначае яе заснавальнік, а права грамадзян на выбар мовы навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, што дазваляе забяспечваць станаўленне цэласнай асобы выхаванца, яго развіццё шляхам інтэграцыі ў дзве роднасныя культуры сродкамі беларускай і рускай моў.

З улікам пажаданняў бацькоў (законных прадстаўнікоў) непаўналетніх установы дашкольнай адукацыі фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс як на рускай, так і на беларускай мове.

Адукацыйны працэс у групах з беларускай мовай навучання арганізуецца на беларускай мове. Выключэнне складаюць гадзіны, адведзеныя на вывучэнне адукацыйнай галіны «Развитие речи и культура речевого общения» вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ў дашкольнай установе адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для атрымання выхаванцамі адукацыі на беларускай (рускай) мове.

Згодна з артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» кіраўнікі і педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.

З мэтай забеспячэння максімальна спрыяльных умоў для развіцця маўленчых навыкаў, далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры, паспяховасці фарміравання двухмоўя павінна стварацца камунікатыўнае асяроддзе, якое забяспечвае ўключэнне дзвюх моў у разнастайныя віды дзіцячай дзейнасці, а таксама правядзенне спецыяльна арганізаваных форм адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Варта звярнуць увагу на стварэнне адпаведнага прадметна-прасторавага асяроддзя, павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў у пытаннях лінгвістычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, удзел бацькоў у прадастаўленні магчымасці дзецям фармуляваць думкі на дзвюх мовах. Гэтаму спрыяе створанае навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ўстаноў дашкольнай адукацыі, якое выдаецца як на рускай, так і на беларускай мовах.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з пажаданнямі бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць стварацца групы, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці. З гэтай мэтай неабходна арганізоўваць тлумачэнне нарматыўных прававых актаў аб магчымасці выбару мовы навучання ў індывідуальных гутарках з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) выхаванцаў, на бацькоўскіх сходах, праз сродкі масавай інфармацыі, вэб-сайты і парталы ўпраўленняў (аддзелаў) адукацыі, устаноў дашкольнай адукацыі.

Адукацыйны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі (групах) з вывучэннем мовы нацыянальнай меншасці ажыццяўляецца ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навучанне, выхаванне і развіццё выхаванцаў у названых установах (групах) ажыццяўляюцца з выкарыстаннем вучэбных выданняў, зацверджаных або дапушчаных у якасці адпаведнага віду выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У адукацыйным працэсе ўстаноў дашкольнай адукацыі дадаткова могуць быць выкарыстаны вучэбныя выданні краін, да якіх этнічна належыць нацыянальная меншасць, пры ўмове іх адпаведнасці зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Азнаямленне выхаванцаў з культурай, традыцыямі, звычаямі людзей, якія размаўляюць на мове нацыянальнай меншасці, ажыццяўляецца ва ўсіх узроставых групах у разнастайных відах дзіцячай дзейнасці (зносіны, прадметная, гульнявая і інш.).

Спецыяльна арганізаваная дзейнасць (заняткі) па вывучэнні мовы нацыянальнай меншасці ажыццяўляецца з выхаванцамі ад 4 да 5 гадоў, ад 5 да 6 гадоў і ад 6 да 7 гадоў у межах рэалізацыі базавага кампанента, рэгламентаванага тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі. На падставе тыпавога вучэбнага плана распрацоўваецца вучэбны план установы дашкольнай адукацыі, у якім неабходна адлюстраваць колькасць гадзін на вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці, не перавышаючы максімальна дапушчальную вучэбную нагрузку ў тыдзень на аднаго выхаванца.

Вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці павінна садзейнічаць выхаванню патрыятызму, развіццю высокай культуры міжнацыянальных адносін, умацаванню міжнацыянальнай згоды ў беларускім грамадстве.

Арганізацыя фізічнага выхавання

Фізічнае выхаванне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі, вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, вучэбнымі планамі спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, вучэбнымі праграмамі па адукацыйных галінах з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў выхаванцаў з АПФР на занятках па адукацыйнай галіне «Фізічная культура» («Адаптыўная фізічная культура») і рэалізуецца праз забеспячэнне рухальнай актыўнасці ў мерапрыемствах распарадку дня (ранішняя гімнастыка; фізкультхвілінкі на занятках; рухальныя перапынкі паміж заняткамі; рухомыя гульні і фізічныя практыкаванні на прагулцы; актыўны адпачынак (фізкультурны вольны час, фізкультурныя святы, Дні здароўя); самастойная рухальная дзейнасць) з улікам узросту, полу, фізічнай падрыхтаванасці, індывідуальных псіхафізічных асаблівасцей і стану здароўя выхаванцаў.

Выхавальнікам дашкольнай адукацыі праводзяцца з выхаванцамі наступныя фізкультурна-аздараўляльныя мерапрыемствы: ранішняя гімнастыка (у адсутнасці кіраўніка фізічнага выхавання), фізкультхвілінкі на занятках, рухальныя перапынкі паміж заняткамі, рухомыя гульні і фізічныя практыкаванні на прагулцы, загартоўванне; ствараюцца ўмовы для арганізацыі іх самастойнай рухальнай дзейнасці.

Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу на неабходнасць напаўнення сайтаў устаноў адукацыі, інфармацыйных стэндаў ва ўзроставых групах матэрыяламі па прапагандзе здаровага ладу жыцця, далучэнні да заняткаў фізічнай культурай і спортам, уключаючы анонсы і вынікі правядзення мерапрыемстваў па названай тэматыцы.

Арганізацыя груп кароткачасовага знаходжання выхаванцаў

Калі час знаходжання выхаванцаў ва ўстанове адукацыі складае ад 2 да 7 гадзін штодзённа, некалькі дзён на тыдзень, месяц, год, то могуць стварацца групы кароткачасовага знаходжання: адаптацыйныя, прагулачныя, выхаднога дня, вячэрнія, па падрыхтоўцы да школы, сезонныя пляцоўкі, гульнявыя пляцоўкі, «Мацярынскія школы» і інш. (пункт 16 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі, пункт 32 Палажэння аб спецыяльнай дашкольнай установе).

У адпаведнасці з Кодэксам, Палажэннем аб установе дашкольнай адукацыі напаўняльнасць такіх груп устанаўліваецца як для рознаўзроставай групы – 12 выхаванцаў.

У групах з кароткачасовым знаходжаннем заняткі павінны быць арганізаваны ў першую або другую палову дня работы ўстановы дашкольнай адукацыі, у выхадныя дні – не больш за 4 – 5 разоў на тыдзень для выхаванцаў 4 – 5-гадовага ўзросту, не болей за 5 – 6 разоў на тыдзень для выхаванцаў 5 – 6-гадовага ўзросту.

У названых групах магчыма сумеснае знаходжанне выхаванцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групе кароткачасовага знаходжання з выхаванцамі з АПФР праводзіцца работа па своечасовай сацыялізацыі ў калектыве аднагодкаў і дарослых, фарміраванні асноў гатоўнасці да навучання на наступным узроўні адукацыі. Групы кароткачасовага знаходжання дзяцей функцыянуюць па гнуткім рэжыме ад 2 да 5 разоў на тыдзень.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі могуць функцыянаваць розныя мадэлі груп кароткачасовага знаходжання выхаванцаў у залежнасці ад запытаў іх законных прадстаўнікоў і рэсурсных магчымасцей установы адукацыі, напрыклад:

групы кароткачасовага знаходжання дзяцей у спецыяльна абсталяваным памяшканні. Варыянтам такой мадэлі з’яўляецца арганізацыя двух- або трохзменнай работы груп: з 8-00 да 11-00, з 15-00 да 18-00 і інш.;

кароткачасовае знаходжанне дзяцей у групе, якая функцыянуе ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Гэтая мадэль не патрабуе спецыльна выдзеленай групы і замацаваных за ёй выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Выхаванцаў размяркоўваюць па пастаянных групах, якія адпавядаюць узросту кожнага дзіцяці. Яны ўключаюцца ў адукацыйны працэс на той перыяд часу, на які бацькі (законныя прадстаўнікі) пакідаюць іх ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

Адаптацыйныя групы кароткачасовага знаходжання дзяцей арганізуюцца з мэтай адаптацыі дзяцей да ўстановы дашкольнай адукацыі. Могуць функцыянаваць у спецыяльна абсталяваным памяшканні ўстановы адукацыі.

Прагулачныя групы прадугледжваюць кароткачасовае знаходжанне дзяцей у групе, якая функцыянуе на пастаяннай аснове ва ўстанове адукацыі, іх уключэнне ў адукацыйны працэс на перыяд правядзення прагулкі.

Групы выхаднога дня, вячэрнія групы ствараюцца з мэтай аказання дапамогі бацькам у выхаванні і развіцці дзяцей у выхадныя дні і вячэрні час. У такія групы могуць быць прыняты дзеці, якія не наведваюць установу адукацыі, а таксама дзеці, якія наведваюць установу адукацыі на пастаяннай аснове.

Групы па падрыхтоўцы да школы ствараюцца для дзяцей, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі. Мэтай іх функцыянавання з’яўляецца забеспячэнне адзіных стартавых умоў для выхаванцаў, якія паступаюць ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, на аснове зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі для дзяцей ад 6 да 7 гадоў.

Сезонная пляцоўка можа быць арганізавана па запытах бацькоў на базе ўстановы адукацыі або спецыяльна выдзеленага памяшкання пры ўмове адпаведнасці жылых памяшканняў жыллёвага фонду (катэджнай забудовы) патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Сезонная пляцоўка арганізуецца на перыяд пасяўной, уборачнай кампаніі ва ўстанове адукацыі, размешчанай у сельскай мясцовасці.

Гульнявыя пляцоўкі ствараюцца для забеспячэння засваення дзіцем сацыяльнага вопыту, зносін з аднагодкамі і дарослымі ў сумеснай гульнявой дзейнасці.

«Мацярынскія школы» ствараюць умовы для рознабаковага развіцця выхаванцаў і павышэння псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў. Прадугледжваюць сумеснае знаходжанне дарослага і дзіцяці ва ўмовах установы адукацыі і сістэматычнае наведванне педагагічнымі работнікамі сям’і выхаванца з мэтай аказання дапамогі бацькам у выхаванні, навучанні і развіцці дзіцяці.

Функцыянаванне груп кароткачасовага знаходжання можа ажыццяўляцца на платнай аснове па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пры ўмове забеспячэння права грамадзян на бясплатную дашкольную адукацыю на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў дзяржаўных установах дашкольнай адукацыі, іншых дзяржаўных арганізацыях, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Аказанне адукацыйных паслуг на платнай аснове ва ўстановах дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца на падставе дагавора аб платных паслугах у сферы адукацыі. Тыпавая форма дагавора аб платных паслугах у сферы адукацыі зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2011 № 99 «Аб зацвярджэнні тыпавых форм дагавораў у сферы адукацыі».

У адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 138 Кодэкса забаронена вызначаць установам дашкольнай адукацыі нарматывы па ажыццяўленні дзейнасці, якая прыносіць даход.

Пры ажыццяўленні ўстановай адукацыі пазабюджэтнай дзейнасці віды паслуг, якія ёй аказваюцца, павінны быць адлюстраваны ў Статуце ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь 005-2011 «Віды эканамічнай дзейнасці», зацверджаным пастановай Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 05.12.2011 № 85.

Пунктам 9 Палажэння аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў, ажыццяўлення расходаў, звязаных з дзейнасцю, якая прыносіць даход, напрамках і парадку выкарыстання сродкаў, што застаюцца ў распараджэнні бюджэтнай арганізацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2013 № 641 (далей — Палажэнне аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў), вызначана, што пазабюджэтныя сродкі, якія атрымліваюць бюджэтныя арганізацыі пры ажыццяўленні даходнай дзейнасці, адлюстроўваюцца ў смеце даходаў і расходаў пазабюджэтных сродкаў бюджэтных арганізацый на адпаведны фінансавы год і справаздачнасці па іх у разрэзе крыніц даходаў (падраздзелаў даходаў, устаноўленых у класіфікацыі даходаў бюджэту, якая зацвярджаецца Міністэрствам фінансаў). У частцы сум перавышэння даходаў над расходамі па пазабюджэтнай дзейнасці, што застаюцца ў распараджэнні ўстановы адукацыі, сродкі могуць быць выкарыстаны па напрамках, указаных у пункце 25 Палажэння аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў.

Пунктам 2 артыкула 79 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што бюджэтныя арганізацыі (за выключэннем дзяржаўных органаў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь) могуць ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіть даходы, толькі тады, калі яна неабходная для іх устаўных мэт, дзеля якіх яны створаны, і адпавядае гэтым мэтам і прадмету дзейнасці арганізацый або калі яна неабходная для выканання дзяржаўна значных задач, прадугледжаных іх устаноўчымі дакументамі, адпавядае гэтым задачам і прадмету дзейнасці дадзеных арганізацый.

Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу, што пунктам 30 Палажэння аб установе дашкольнай адукацыі вызначаны асноўныя мэты дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі: забеспячэнне рознабаковага развіцця асобы дзіцяці ранняга і дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбнасцямі, фарміраванне ў яго маральных норм, садзейнічанне набыццю ім сацыяльнага вопыту.

Асноўнымі задачамі спецыяльнага дашкольнай установы (пункт 19 Палажэння аб спецыяльнай дашкольнай установе) з’яўляюцца забеспячэнне атрымання спецыяльнай адукацыі асобам з АПФР на ўзроўні дашкольнай адукацыі з улікам структуры і ступені цяжкасці фізічных і (або) псіхічных парушэнняў, сацыяльная рэабілітацыя выхаванцаў, якая забяспечвае стварэнне ім роўных магчымасцяў для ўдзелу ў жыцці грамадства, фарміраванне жыццяздольнай асобы, уключэнне ў актыўнае сацыяльнае ўзаемадзеянне, забеспячэнне інтэлектуальнага, асобаснага і фізічнага развіцця выхаванцаў, выхаванне асобы дзіцяці, развіццё яго творчага патэнцыялу, далучэнне выхаванцаў да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей і інш.

Арганізацыя іншых відаў паслуг не з’яўляецца прыярытэтнай мэтай дзейнасці дзяржаўных устаноў адукацыі.

Аказанне платных паслуг у сферы адукацыі не можа ажыццяўляцца замест ці ў межах адукацыйнай дзейнасці, якая фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, пагаршаць якасць прадастаўлення паслуг у сферы адукацыі, што аказваюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.

Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу з дзецьмі з АПФР

Дыягнастычная дзейнасць настаўніка-дэфектолага

Псіхолага-педагагічнае абследаванне выхаванцаў з’яўляецца часткай адукацыйнага працэсу і ажыццяўляецца ў пачатку і ў канцы навучальнага года на працягу аднаго-двух тыдняў у залежнасці ад формы арганізацыі адукацыйнага працэсу і цяжару фізічных і (або) псіхічных парушэнняў. Псіхолага-педагагічнае абследаванне ажыццяўляецца ў межах правядзення карэкцыйных заняткаў і фіксуецца ў журнале ўліку праведзеных заняткаў i наведвання іх дзецьмі на адпаведных старонках.

Вынікі абследавання фіксуюцца ў карце абследавання дзіцяці. Па выніках абследавання дзіцяці з АПФР настаўнік-дэфектолаг ў карце абследавання афармляе заключэнне, якое перадае характар, структуру, ступень цяжару парушэнняў развіцця. З улікам заключэння педагагічным работнікам робіцца абгрунтаваны выбар колькасці і формы правядзення карэкцыйных заняткаў (індывідуальныя, падгрупавыя, групавыя) з улікам вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Арганізацыя інтэграванага навучання і выхавання

У 2019/2020 навучальным годзе неабходна працягнуць працу па забеспячэнні якасці арганізацыі і зместу адукацыйнага працэсу ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання.

На правядзенне заняткаў з выхаванцамі, якія па медыцынскіх паказаннях часова або пастаянна не могуць наведваць установу адукацыі і для якіх ствараюцца ўмовы для атрымання спецыяльнай адукацыі дома, а таксама для выхаванцаў, якія засвойваюць адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю ў групах інтэграванага навучання і выхавання, выдзяляецца:

на аднаго выхаванца з інтэлектуальнай недастатковасцю, выхаванца з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата (са значнымі парушэннямі руху або яго адсутнасцю), выхаванца, які не чуе, які не бачыць – 3,5 гадзіны на тыдзень;

выхаванца, які слаба чуе, які слаба бачыць, выхаванца з цяжкімі парушэннямі маўлення, выхаванца з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні) – 2,5 гадзіны на тыдзень.

Паказаная колькасць гадзін у адпаведнасці з вучэбнымі планамі спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі размяркоўваецца настаўнікам-дэфектолагам на адукацыйныя галіны і карэкцыйныя заняткі з улікам перапынкаў паміж імі.

З мэтай аказання лагапедычнай дапамогі дзецям з АПФР, якія навучаюцца ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання па вучэбным плане спецыяльнай дашкольнай установы для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні), вучэбным плане спецыяльнай дашкольнай установы для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, настаўнік-дэфектолаг групы інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльнай групы мае права ў межах вучэбных гадзін, выдзеленых на правядзенне карэкцыйных заняткаў, праводзіць заняткі па карэкцыі парушэнняў маўлення з выхаванцамі, для якіх гэта неабходна. У заключэннях ЦКРНіР у такіх выхаванцаў у раздзеле «Рэкамендацыі» павінен быць запіс «заняткі па карэкцыі парушэнняў маўлення».

Настаўнік-дэфектолаг самастойна вызначае напрамак карэкцыйных заняткаў, у рамках якога будзе праводзіцца такая праца.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу з дзецьмі з парушэннем слыху

Пры працы з дзецьмі з парушэннем слыху неабходна ўлічваць асаблівасці фарміравання ў іх гульнявой дзейнасці, неабходнасць правядзення работы па музычнай стымуляцыі, развіцці навыкаў зносін.

Ключавымі этапамі развіцця гульнявой дзейнасці дзяцей з парушэннем слыху з’яўляюцца выкліканне і развіццё цікавасці да цацак і дзеянняў з імі, фарміраванне прадметна-адлюстравальнай гульнявой дзейнасці, накіраванай на фарміраванне ўяўленняў і ўменняў дзейнічаць з цацкай у адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем, фарміраванне сюжэтна-адлюстравальнай гульні, навучанне сюжэтна-ролевым гульням. Пры гэтым асноўнай стратэгіяй развіцця гульнявой дзейнасці дзяцей з парушэннем слыху ранняга і дашкольнага ўзросту выступае паэтапнае фарміраванне больш складаных спосабаў гульнявых дзеянняў на аснове ўзбагачэння жыццёвага вопыту ва ўмовах эмацыянальнага і маўленчага ўзаемадзеяння з дарослым.

Адным з дзейсных сродкаў развіцця і карэкцыі вымаўленчага боку вуснага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху з’яўляецца музычная стымуляцыя. Музычныя гукі выступаюць у якасці базы для авалодання дзецьмі з парушэннем слыху ўяўленнямі аб якасцях маўленчых гукаў. Сваяцтва маўленчага і музычнага інтанавання дазваляе ажыццяўляць перанос уменняў, сфарміраваных на аснове сродкаў музыкі, у працэс авалодання маўленчымі ўменнямі. Пры гэтым варта ўлічваць, што гукі музыкі, як і іншыя немаўленчыя гукі, больш даступныя для ўспрымання на слых дзецям з парушэннем слыху.

Уключэнне ў адукацыйны працэс з дзецьмі з парушэннем слыху музычнай стымуляцыі патрабуе ўзгодненай працы настаўніка-дэфектолага і музычнага кіраўніка, выразнага вызначэння задач карэкцыйнай працы, вырашэнне якіх будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем сродкаў музычнай стымуляцыі.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення

Карэкцыйная работа з дзецьмі дашкольнага ўзросту як з цяжкімі, так і з лёгкімі парушэннямі маўлення, якія выпраўляюцца ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, уключае папярэджанне дыслексіі, дысграфіі і дызарфаграфіі, што прадугледжвае развіццё псіхічных працэсаў і функцый, якія ляжаць у аснове авалодання чытаннем і пісьмом. Такая прапедэўтычная работа забяспечвае пераемнасць карэкцыйнай накіраванасці адукацыйнага працэсу з дзецьмі з парушэннямі маўлення на ўзроўні дашкольнай адукацыі і на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

З мэтай папярэджання парушэнняў пісьмовага маўлення ў дзяцей асаблівую ўвагу неабходна надаць развіццю сенсаматорной сферы (зрокавага і слыхавога ўспрымання, тэмпа-рытмічнага пачуцця, графаматорных навыкаў), увагі, памяці, мыслення, усіх бакоў вуснага маўлення (вымаўленчага, лексіка-граматычнага, а таксама звязнага маўлення), удасканаленні фанематычнага слыху і на іх аснове фарміравання базавых аперацый моўнага аналізу і сінтэзу і навучанні грамаце; развіццю матывацыі, уменняў планаваць сваю дзейнасць, выяўляць памылкі ў працэсе дзейнасці і г. д.

Для выяўлення сярод дзяцей, якія маюць схільнасць да парушэнняў чытання, рэкамендуецца праводзіць скрынінгавае вывучэнне з выкарыстаннем стандартызаванай методыкі А.М. Корнева «Методыка ранняга выяўлення дыслексіі» і па яго выніках удакладняць змест як запланаванай карэкцыйнай працы, так і кансультавання бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў па пытаннях папярэджання праблем навучання дзяцей з парушэннямі маўлення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу з дзецьмі з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні)

Пры працы з дзецьмі названай катэгорыі рэкамендуецца надаваць увагу пытанням папярэджання спецыфічнага расстройству арыфметычных навыкаў (дыскалькуліі), якія могуць выяўляцца ў дзяцей старшага дашкольнага ўзросту.

У змест работы настаўніка-дэфектолага па выяўленні дзяцей старшага дашкольнага ўзросту з фактарам рызыкі ўзнікнення дыскалькуліі (у пачатку навучальнага года) уваходзіць вызначэнне стану далікавых колькасных уяўленняў, якое фіксуецца ў карце абследавання.

Звесткі аб авалоданні дзіцем старшага дашкольнага ўзросту элементарнымі матэматычнымі ўяўленнямі ўключаюць даныя пра стан сфарміраванасці ў дзяцей уяўленняў аб якасных прыметах прадметаў (колер, форма, велічыня), уменняў параўноўваць прадметы па велічыні практычным шляхам, групаваць іх, складаць спарадкаваны шэраг прадметаў па змяншэнні або ўзрастанні прыметы (серыяцыя).

Праца па прафілактыцы дыскалькуліі ў дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні) уключаецца ў структуру карэкцыйных заняткаў па развіцці пазнавальнай дзейнасці.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу з дзецьмі з інтэлектуальнай недастатковасцю

Пры навучанні грамаце дзяцей дашкольнага ўзросту з інтэлектуальнай недастатковасцю змест работы прадугледжвае фарміраванне ў дзяцей цікавасці да роднай мовы, да сродкаў яе сэнсавага зместу і выразнасці; выхаванне маўленчай увагі, маўленчага слыху; развіццё маўлення дзяцей, а таксама дапаўняе і дазваляе замацоўваць тыя ўяўленні, уменні і навыкі, якія дзіця з інтэлектуальнай недастатковасцю атрымлівае на занятках па адукацыйнай галіне «Развіццё маўлення».

Асаблівая ўвага пры навучанні грамаце надаецца развіццю слыхавога, фанематычнага ўспрымання, карэкцыі недахопаў вымаўлення гукаў і ўмацаванню цягліц артыкуляцыйнага апарата, пашырэнню ўяўленняў аб навакольным свеце, развіццю зрокава-прасторавага ўспрымання, маўлення выхаванцаў, дробных цягліц рукі дзіцяці з мэтай падрыхтоўкі да авалодання навыкамі пісьма.

Заданні, накіраваныя на фарміраванне гатоўнасці дзяцей дашкольнага ўзросту да авалодання граматай, уключаюцца ва ўсе віды заняткаў, якія праводзяцца з выхаванцамі старшага дашкольнага ўзросту. Неабходна таксама ўлічваць характэрную для дзяцей дашкольнага ўзросту з інтэлектуальнай недастатковасцю нізкую матывацыю дзейнасці. У многіх з іх не ўзнікае патрэбы навучыцца пісаць, чытаць, пазнаваць новае і г.д. У сувязі з гэтым узрастае значэнне спецыяльных метадаў стымулявання і матывацыі дзейнасці дзяцей.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2016 г. № 26 у раздзеле  
«2. Спецыялісты» дадатка да пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2001 г. № 53 «Аб зацвярджэнні кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых» былі выкладзены ў новай рэдакцыі кваліфікацыйныя характарыстыкі пасады «Выхавальнік дашкольнай адукацыі». Гэта дазволіла арганізаваць ва ўстановах дашкольнай і спецыяльнай адукацыі дзейнасць выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія ажыццяўляюць персанальнае суправаджэнне ў адукацыйным працэсе выхаванцаў з аўтыстычнымі парушэннямі.

Мэтай дзейнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі, які ажыццяўляе персанальнае суправаджэнне, з’яўляецца індывідуальнае суправаджэнне і стварэнне ўмоў для паспяховага ўключэння дзіцяці з аўтыстычнымі парушэннямі ў адукацыйны працэс установы адукацыі. Пры гэтым асноўнымі задачамі яго дзейнасці выступаюць адаптацыя дзіцяці з аўтыстычнымі парушэннямі да ўмоў установы адукацыі; стварэнне ўмоў для навучання і выхавання дзіцяці з улікам яго магчымасцей і асаблівых адукацыйных патрэб; стварэнне ўмоў для сацыялізацыі дзіцяці, уключэнне ва ўзаемадзеянне з педагагічнымі работнікамі, дзецьмі; стварэнне ўмоў для раскрыцця патэнцыяльных магчымасцей дзіцяці.

Праца выхавальніка дашкольнай адукацыі, які ажыццяўляе персанальнае суправаджэнне, накіравана на карэкцыю парушэнняў паводзін, развіццё камунікатыўных навыкаў, арганізацыю ўзаемадзеяння з дзецьмі, з педагагічнымі работнікамі, адаптацыю асяроддзя і вучэбнага матэрыялу, арганізацыю дзейнасці выхаванца, дапамога ў выкананні санітарна-бытавых уменняў, адаптацыю ў прасторы ўстановы адукацыі, уключэнне ў дзіцячы калектыў, фарміраванне талерантнага стаўлення да дзяцей гэтай катэгорыі ва ўстанове адукацыі.

Змест работы выхавальніка дашкольнай адукацыі, які ажыццяўляе персанальнае суправаджэнне, адлюстроўваецца ў плане працы (на месяц ці паўгоддзе) і залежыць ад узросту дзіцяці з аўтыстычнымі парушэннямі, яго функцыянальных магчымасцей, рэкамендаванай адукацыйнай праграмы. План працы можа ўключаць асноўныя напрамкі дзейнасці па суправаджэнні, рэалізуемыя задачы, выкарыстоўваемыя прыёмы працы,   дату правядзення.

Мэтазгодна план работы дапоўніць раздзелам «Заўвага» для фіксацыі асноўных дасягненняў дзіцяці, цяжкасцей, якія ўзнікаюць у працэсе навучання і выхавання, і іх прычын, часу прадуктыўнай дзейнасці выхаванца, ступені яго ўключэння ва ўзаемадзеянне з аднагодкамі і г. д. Атрыманыя звесткі дазволяць вызначыць прычыны парушэнняў паводзін, падабраць эфектыўныя прыёмы працы з дзіцем, вызначыць узровень аптымальнай сэнсарнай нагрузкі.

План работы абмяркоўваецца з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) дзіцяці, настаўнікам-дэфектолагам, выхавальнікам дашкольнай адукацыі. Пры неабходнасці ў яго ўносяцца карэктывы.

Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі

Установы агульнай сярэдняй адукацыі (школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, вучэбна-педагагічны комплекс (яслі-сад–пачатковая школа, яслі-сад–базавая школа, яслі-сад–сярэдняя школа, дзіцячы сад–пачатковая школа, дзіцячы сад–базавая школа, дзіцячы сад–сярэдняя школа)), установы спецыяльнай адукацыі (дапаможная школа-інтэрнат, спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат) пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі павінны кіравацца заканадаўствам у сферы дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.

Адукацыйны працэс у названых відах устаноў адукацыі ажыццяўляецца цэлы год і арганізуецца ў рэжыме пяцідзённага вучэбнага тыдня, выхаванцы могуць аб’ядноўвацца ў групы аднаго ўзросту або рознага ўзросту.

У рознаўзроставую групу могуць аб’ядноўвацца выхаванцы ва ўзросце ад 1 года да 7 гадоў. Напаўняльнасць рознаўзроставай групы не павінна перавышаць 12 выхаванцаў. Заснавальнік установы адукацыі можа ўстанаўліваць іншую напаўняльнасць групы пры наяўнасці аб’ектыўных абставін, захаванні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў у частцы ўмоў размяшчэння і рэжыму адукацыйнага працэсу, у тым ліку нормаў плошчы на аднаго выхаванца ва ўсіх памяшканнях са знаходжаннем выхаванцаў.

Магчымыя наступныя варыянты аб’яднання выхаванцаў у рознаўзроставыя групы:

сумежнага ўзросту: 2 і 3 гады (узроставыя групы выхаванцаў ад 2 да 3 гадоў і ад 3 да 4 гадоў), 4 і 5 гадоў (узроставыя групы выхаванцаў ад 4 да 5 гадоў і ад 5 да 6 гадоў), 5 і 6 гадоў (узроставыя групы выхаванцаў ад 5 да 6 гадоў і ад 6 да 7 гадоў);

адносна кантраснага ўзросту: 2 і 4 гады (узроставыя групы выхаванцаў ад 2 да 3 гадоў і ад 4 да 5 гадоў), 3 і 5 гадоў (узроставыя групы выхаванцаў ад 3 да 4 гадоў і ад 5 да 6 гадоў), 4 і 6 гадоў (узроставыя групы выхаванцаў ад 4 да 5 гадоў і ад 6 да 7 гадоў);

кантраснага ўзросту: 2 гады і 5 гадоў (узроставыя групы выхаванцаў ад 2 да 3 гадоў і ад 5 да 6 гадоў), 3 гады і 6 гадоў (узроставыя групы выхаванцаў ад 3 да 4 гадоў і ад 6 да 7 гадоў).

У рознаўзроставых групах распарадак дня з’яўляецца адзіным для ўсіх выхаванцаў, але з улікам іх узроставых магчымасцей, здольнасцей і патрэб уносяцца некаторыя змены ў рэжымныя працэсы. З малодшымі выхаванцамі рэжымныя працэсы пачынаюцца на 10-15 хвілін раней (у іншым парадку адбываецца толькі пад’ём выхаванцаў пасля дзённага сну – першымі ўстаюць на 10-15 хвілін раней старшыя выхаванцы). Гэтыя рэжымныя моманты неабходны для таго, каб выхаванцы рознага ўзросту, аб’яднаныя ў адну групу, паслядоўна і паступова пераходзілі ад аднаго віду дзейнасці да другога.

Пры вызначэнні агульнага распарадку дня для выхаванцаў двух сумежных узростаў за аснову бярэцца распарадак дня выхаванцаў старшага ўзросту, трох, чатырох узростаў – распарадак дня для выхаванцаў сярэдняга ўзросту (ад 4 да 5 гадоў).

Арганізацыя жыццядзейнасці выхаванцаў ва ўмовах рознаўзроставай групы шмат у чым вызначаецца зладжанасцю працы выхавальніка дашкольнай адукацыі і памочніка выхавальніка, дакладным размеркаваннем абавязкаў паміж імі.

Спецыяльна арганізаваную дзейнасць у рознаўзроставай групе можна ажыццяўляць з прымяненнем наступных падыходаў да арганізацыі заняткаў (гульні):

паэтапны пачатак заняткаў (гульні): паслядоўнае ўключэнне выхаванцаў у дзейнасць (пачатак заняткаў з адной узроставай падгрупай (старэйшай) з наступным уключэннем выхаванцаў больш малодшай узроставай катэгорыі);

адначасовы пачатак заняткаў (гульні) ва ўсіх узроставых падгрупах, паэтапнае завяршэнне заняткаў (гульні): паслядоўнае завяршэнне дзейнасці ў адпаведнасці з узроставымі магчымасцямі выхаванцаў;

правядзенне заняткаў з кожнай узроставай падгрупай выхаванцаў.

Прыярытэтнай формай спецыяльна арганізаванай дзейнасці выхаванцаў рознаўзроставай групы з’яўляюцца інтэграваныя заняткі, якія прадугледжваюць аб’яднанне і ўзаемадапаўненне зместу некалькіх адукацыйных галін вучэбных праграм, што дазваляе фарміраваць у выхаванцаў ранняга і дашкольнага ўзросту цэласную карціну аб аб’екце або з’яве навакольнага свету.

Вучэбныя планы названых відаў устаноў адукацыі распрацоўваюцца на аснове тыпавога вучэбнага плана дашкольнай адукацыі, вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі з улікам асаблівасцей кантынгенту выхаванцаў і рэсурснага (кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння і зацвярджаюцца кіраўніком установы адукацыі.

Пры наяўнасці ва ўстанове адукацыі рознаўзроставай групы выхаванцаў колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне адукацыйных галін разлічваецца для кожнага ўзросту асобна на аснове тыпавога вучэбнага плана дашкольнай адукацыі, вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

ПЛАНАВАННЕ ДЗЕЙНАСЦІ ЎСТАНОЎ АДУКАЦЫІ

У адпаведнасці з пастаўленымі задачамі гадавы план уключае ў сябе наступныя структурныя кампаненты.

1. Аналіз працы за папярэдні год, задачы на наступны год. Эфектыўнасць планавання шмат у чым залежыць ад якаснага аналізу выканання плана за папярэдні год, на аснове якога вызначаюцца задачы на наступны год (2-3 задачы). Ва ўстановах дашкольнай адукацыі, якія маюць 1-3 узроставыя групы, можа быць запланавана адна задача.

Асноўнымі патрабаваннямі да аналізу працы ўстановы адукацыі могуць выступаць: выразнасць пабудовы па блоках (раздзелах) плана; лагічная паслядоўнасць выкладу матэрыялу; аргументаванасць, параўнанне з папярэднім навучальным годам; дакладнасць адзнак, якія выключаюць суб’ектывізм; доказнасць высноў; канкрэтнасць і педагагічная абгрунтаванасць прапаноў; магчыма прымяненне ілюстрацыйных матэрыялаў (графікі, табліцы, дыяграмы і інш.).

2. Арганізацыйна-педагагічныя мерапрыемствы: арганізацыя адукацыйных паслуг, якія аказвае ўстанова адукацыі; фарміраванне і абсталяванне развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя; узаемадзеянне з зацікаўленымі органамі і арганізацыямі; перыядычнасць павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, арганізацыя дзейнасці педагагічных саветаў і інш.

3. Праца з педагагічнымі работнікамі: формы павышэння кваліфікацыі ў міжкурсавы перыяд, дыягнастычная работа, падрыхтоўка атэстацыі педагагічных работнікаў, вывучэнне, абагульненне, укараненне, распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, самаадукацыя педагагічных работнікаў, эксперыментальная (інавацыйная) дзейнасць педагагічнага калектыву і інш.

4. Выхаваўчая праца: мерапрыемствы з удзелам выхаванцаў па сацыяльна-маральным, асобасным, эстэтычным, экалагічным і фізічным выхаванні (правядзенне конкурсаў, выстаў, экскурсій, фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў і г. д.).

5. Псіхолага-педагагічнае і медыцынскае суправаджэнне адукацыйнага працэсу: формы работы педагога-псіхолага, медыцынскіх работнікаў, сацыяльнага педагога.

6. Узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў: формы работы па павышэнні псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) выхаванцаў, уключэнні іх у адукацыйны працэс.

7. Узаемадзеянне з установамі агульнай сярэдняй адукацыі: формы работы з удзельнікамі адукацыйнага працэсу па забеспячэнні гатоўнасці выхаванцаў да навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

8. Арганізацыя працы ў летні аздараўленчы перыяд: мерапрыемствы па падрыхтоўцы ўстановы адукацыі да дзейнасці ў летні перыяд, формы работы з удзельнікамі адукацыйнага працэсу.

9. Кантроль: віды і змест кантролю.

10. Адміністратыўна-гаспадарчая дзейнасць: праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі (набыццё сродкаў навучання, спартыўнага інвентара, тэхналагічнага абсталявання, ажыццяўленне рамонтных работ і г.д.).

У прапанаваную структуру плана могуць уносіцца змены і дапаўненні з улікам умоў, спецыфікі дзейнасці ўстановы адукацыі.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, планаванне работы на навучальны год па ўсіх напрамках сваёй дзейнасці ажыццяўляюцца як на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, так і на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Напрамкі дзейнасці вызначаюцца з улікам спецыфікі канкрэтнай установы адукацыі і адлюстроўваюцца ў кожным раздзеле плана на навучальны год. Напрыклад: стварэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі выхаванцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і аказанне ім карэкцыйна-педагагічнай дапамогі; забеспячэнне пераемнасці дашкольнай і I ступені агульнай сярэдняй адукацыі; арганізацыя работы з выхаванцамі ў летні аздараўленчы перыяд і інш.

План рэалізацыі адукацыйнага працэсу ў групах ранняга і дашкольнага ўзросту

План рэалізацыі адукацыйнага працэсу ў групах ранняга і дашкольнага ўзросту можа ўключаць наступныя структурныя кампаненты:

Задачы дзейнасці ўстановы адукацыі на навучальны год.

Навукова-метадычнае забеспячэнне (пералік вучэбных выданняў, афіцыйна зацверджаных або дапушчаных у якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэкамендаваных Нацыянальным інстытутам адукацыі).

Узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў (формы і змест работы па павышэнні псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і ўключэнні іх у адукацыйны працэс).

У адпаведнасці са службовымі абавязкамі, вызначанымі АКДС, выхавальнікі дашкольнай адукацыі павінны вывучаць умовы жыцця і выхавання выхаванцаў, а таксама планаваць, арганізоўваць і праводзіць выхаваўчую, адукацыйную і аздараўленчую працу, накіраваную на рознабаковае развіццё асобы дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, праграмы выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Індывідуальная праца з выхаванцамі (змест працы па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі на аснове штодзённых назіранняў педагагічнага работніка і з улікам вынікаў дзіцячай дзейнасці. Карэкцыйна-развіццёвая праца плануецца і ажыццяўляецца педагогам-псіхолагам, настаўнікам-дэфектолагам).

Загартоўванне (асноўныя віды загартоўвання плануюцца з улікам прынцыпаў загартоўвання, узроставых асаблівасцей выхаванцаў, сезонных змяненняў, умоў установы дашкольнай адукацыі).

Рухальная актыўнасць (змест мерапрыемстваў распарадку дня: ранішняя гімнастыка, рухомыя гульні і фізічныя практыкаванні на 1-й і 2-й прагулках, актыўны адпачынак).

Спецыяльна арганізаваная дзейнасць, рэгламентаваная тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі (гульня, заняткі), плануецца па адукацыйных галінах на аснове раскладу гульняў, заняткаў на кожны дзень тыдня ў адпаведнасці з вучэбным планам установы дашкольнай адукацыі, вучэбнымі планамі спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі. Вызначаюцца тэма і мэта дзейнасці на працягу тыдня. У змест планавання ўключаюцца: адукацыйная галіна і від заняткаў, тэма заняткаў, праграмныя задачы, крыніцы планавання. Планаванне спецыяльна арганізаванай дзейнасці ў рознаўзроставай групе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з агульнымі патрабаваннямі, але мае пэўнае своеасаблівасць.

Пры планаванні франтальных формаў працы варта ўлічваць адрозненне зместу (па ступені цяжкасці) і працягласці дзейнасці дзяцей кожнага ўзросту. Неабходна ўказваць праграмныя задачы ў адносінах да кожнага ўзросту; прадугледзець дыферэнцыраваныя заданні для дзяцей, у тым ліку заданні карэкцыйнай накіраванасці.

Нерэгламентаваная дзейнасць выхаванцаў (віды дзіцячай дзейнасці: зносіны, гульня, пазнавальная практычная (прадметная – у групах ранняга ўзросту), мастацкая, элементарная працоўная).

Ва ўстановах адукацыі рэкамендуецца частку структурных кампанентаў плана (гадавыя задачы ўстановы адукацыі; навукова-метадычнае забеспячэнне; узаемадзеянне з сям’ёй; індывідуальная праца з выхаванцамі; загартоўванне; рухальная актыўнасць) распрацоўваць на год, паўгоддзе, месяц, а частку (спецыяльна арганізаваная і нерэгламентаваная дзейнасць) – на кожны дзень тыдня месяца.

Пры планаванні адукацыйнага працэсу ў групах ранняга ўзросту з мэтай якаснай рэалізацыі зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі неабходна забяспечыць паўторнасць правядзення заняткаў.

ВЫКАРЫСТАННЕ СУЧАСНЫХ ІНФАРМАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ ВА ЎСТАНОВАХ АДУКАЦЫІ, ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСАЎ

Пры выкананні работ па распрацоўцы, суправаджэнні, эксплуатацыі і размяшчэнні афіцыйных інтэрнэт-сайтаў устаноў адукацыі варта забяспечыць няўхільнае выкананне патрабаванняў і рэкамендацый Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 г. № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт» (далей – Указ), Палажэння аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.04.2010 № 645 (далей – Палажэнне), Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь СТБ2105-2012 «Інфармацыйныя тэхналогіі. Інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў і арганізацый. Патрабаванні» (далей – Стандарт), Інструкцыяй аб парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у прасторы іерархічных імёнаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, зацверджанай загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 18.06.2010 № 47 (далей – Інструкцыя). Названыя патрабаванні і рэкамендацыі размешчаны на сайце ўстановы «Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр» (далей – ГІАЦ) (http://www.giac.by).

Адказнасць за фарміраванне, вядзенне і забеспячэнне функцыянавання сайта ўстановы адукацыі, а таксама за яго адпаведнасць патрабаванням Указа, Палажэння, Стандарту і Інструкцыі ўскладаецца на кіраўніка ўстановы адукацыі.

Адміністрацыям устаноў адукацыі, органам кіравання адукацыяй, інстытутам развіцця адукацыі варта забяспечыць сістэматычнае вывучэнне і аналіз зместу інфармацыі, якая размяшчаецца на афіцыйных інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі.

З мэтай развіцця інфармацыйнай адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь, выяўлення і распаўсюджвання лепшых узораў інавацыйнага вопыту педагагічных работнікаў, распрацоўкі і выкарыстання ІКТ і ЭАР у адукацыйным працэсе, стварэння ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі педагагічных работнікаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі, ГІАЦ штогод праводзіць рэспубліканскі конкурс «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» (далей – Конкурс). Інфармацыя аб правядзенні Конкурсу публікуецца на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (http://edu.gov.by), сайце ГІАЦ (http://www.giac.by), у раздзеле «Дыстанцыйны ўсянавуч» нацыянальнага адукацыйнага партала (http://e-asveta.adu.by/).

Работы, адзначаныя дыпломамі I, II, III ступені і пахвальнымі водгукамі на заключным этапе Конкурсу, уключаюцца ў Рэспубліканскі банк электронных адукацыйных рэсурсаў, які размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://e-asveta.adu.by/index.php/koi/proektyi-pobediteli-koi).

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендуе органам кіравання адукацыяй своечасова інфармаваць удзельнікаў адукацыйнага працэсу аб умовах правядзення Конкурсу, стымуляваць да ўдзелу ў ім і аказваць садзейнічанне пры падрыхтоўцы.

СТВАРЭННЕ АДАПТЫЎНАГА АДУКАЦЫЙНАГА АСЯРОДДЗЯ, ЯКОЕ ЗАБЯСПЕЧВАЕ ЗАДАВАЛЬНЕННЕ АСОБЫХ АДУКАЦЫЙНЫХ ПАТРЭБ АСОБ З АПФР

Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе ва ўстановах адукацыі павінна быць:

змястоўна-насычаным у адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі выхаванцаў, праграмамі спецыяльнай адукацыі;

трансфармуемым пры змене адукацыйнай сітуацыі і з улікам інтарэсаў і пазнавальных магчымасцей выхаванцаў;

поліфункцыянальным з мэтай разнастайнага выкарыстання састаўных прадметнага асяроддзя (прадметаў, якія не маюбць жорстка замацаваных спосабаў прымянення, прыгодных для выкарыстання ў розных відах дзіцячай актыўнасці, у тым ліку ў якасці прадметаў-замяшчальнікаў у дзіцячай гульні);

варыятыўным для забеспячэння ў групавых памяшканнях прасторы для гульнявой дзейнасці, канструявання, мадэлявання, адасобленасці, іншых мэтаў і наяўнасці разнастайных матэрыялаў для самастойнай творчай дзейнасці выхаванцаў у адпаведнасці з іх выбарам;

даступным для дзяцей з АПФР (ва ўсіх памяшканнях, дзе ажыццяўляецца адукацыйны працэс, да ўсіх гульняў, цацак, вучэбных выданняў, неабходных для розных відаў дзіцячай актыўнасці);

бяспечным для выхаванцаў, забяспечваць надзейнасць і бяспеку выкарыстання ўсіх яго элементаў.

У 2019/2020 навучальным годзе неабходна працягваць правядзенне мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці ва ўстановах адукацыі ў адпаведнасці з Метадычнымі рэкамендацыямі па вызначэнні даступнасці аб’ектаў і адаптацыі паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, з улікам асаблівых патрэб інвалідаў. Метадычныя рэкамендацыі распаўсюджваюцца на функцыянальна-планіровачныя элементы будынкаў і збудаванняў, іх участкі або асобныя памяшканні, даступныя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб (уваходныя вузлы, камунікацыі, шляхі эвакуацыі, памяшканні (зоны) абслугоўвання і інш.).

Элементам безбар’ернага асяроддзя для дзяцей з парушэннем слыху, а таксама адной з найважнейшых умоў іх эфектыўнага навучання і выхавання, з’яўляецца стварэнне адэкватных акустычных умоў ва ўстанове адукацыі.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу з дзецьмі з парушэннем слыху неабходна ўлічваць адлегласць ад крыніцы гуку да дзіцяці, шум, рэверберацыю, лакалізацыю крыніцы гуку ў адносінах да дзіцяці, сілу гукавой нагрузкі.

Адлегласць ад крыніцы гуку да дзіцяці. Педагагічны работнік валодае інфармацыяй аб аптымальнай для кожнага дзіцяці адлегласці для ўспрымання маўлення гутарковай гучнасці і забяспечвае адпаведныя ўмовы. У адваротным выпадку гукавы вобраз новых слоў, паняццяў фарміруецца скажона, а ў далейшым дзіцяці складана пазнаць гэта слова пры ўспрыманні ў іншых умовах.

Шум. Успрыманне маўлення на фоне перашкод з’яўляецца складаным для ўсіх груп дзяцей з парушэннем слыху, бо шумы маскіруюць маўленне суразмоўцы. Такія ўмовы таксама прыводзяць да фарміравання ў дзіцяці з парушэннем слыху няпоўнага, недакладнага, скажонага вобраза. Дзейсным спосабам вырашэння названай праблемы з’яўляецца выкарыстанне FM-сістэм – спецыяльнага абсталявання, якое дазваляе «вылучаць» голас педагога з навакольнага шуму. Пры выкарыстанні такога абсталявання ўзровень гучнасці сігналу застаецца стабільным незалежна ад адлегласці, на якім знаходзіцца педагог, а таксама пры яго змене.

Рэверберацыя – працэс паступовага памяншэння інтэнсіўнасці гуку пры яго шматразовых адлюстраваннях. Асабліва важна ўлічваць гэту з’яву ў тым выпадку, калі ў групе ёсць дзіця з кахлеарным імплантам. У цяперашні час вялікая частка дзяцей у нашай краіне мае толькі адзін кахлеарны імплант. У тым выпадку, калі крыніца гуку знаходзіцца не з боку праапераванага вуха, адзначаецца так званы «эфект ценю галавы»: перш, чым дасягнуць мікрафона кахлеарнага імпланта, гукавая хваля шматразова адбіваецца ад розных паверхняў (абгінае галаву, дасягае нейкай перашкоды (сцяна, шафа і інш.)) і затым трапляе ў мікрафон кахлеарнага імпланта. За гэты час сіла і якасць гуку прыкметна зніжаюцца, што зніжае якасць успрымання матэрыялу дзіцем.

Лакалізацыя крыніцы гуку ў адносінах да дзіцяці. Важным фактарам з’яўляецца размяшчэнне гаворачага ў адносінах да дзіцяці. Так, калі гаворачы стаіць спінай да дзіцяці з парушэннем слыху, можна лічыць, што адлегласць павялічылася ў 2 разы. Пры такіх умовах маўленне педагога можа быць неразборлівым для дзіцяці, многія гукі маўлення і часткі слоў (напрыклад, канчаткі) будуць недаступныя для дакладнага ўспрымання.

Сіла выкарыстоўваемай гукавой нагрузкі. Улічваецца, што ўзровень непрыемных і балявых адчуванняў пры ўспрыманні гукавой інфармацыі аднолькавы ва ўсіх людзей незалежна ад стану слыху. У дзяцей, якія чуюць, слаба чуюць і не чуюць, гранічнай сілай гуку можа быць нагрузка ў 120 дБ.

АСНОЎНЫЯ НАПРАМКІ ПАВЫШЭННЯ ПРАФЕСІЙНАЙ КАМПЕТЭНТНАСЦІ ПЕДАГАГІЧНЫХ РАБОТНІКАЎ І КІРАЎНІКОЎ УСТАНОЎ АДУКАЦЫІ

З мэтай забеспячэння ўмоў для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў у дзяржаўнай установе адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» (далей – АПА) у 2019/2020 навучальным годзе плануецца правядзенне павышэння кваліфікацыі і тэматычных семінараў.

Падрабязная інфармацыя аб курсавых і міжкурсавых мерапрыемствах, рэкамендацыі па змесце і арганізацыі метадычнай работы з педагагічнымі работнікамі ў 2018/2019 навучальным годзе размешчаны на сайце АПА (http://www.academy.edu.by).

Перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, плануецца ажыццяўляць па спецыяльнасцях 101 03 72 «Дашкольная адукацыя» (кваліфікацыя – педагог), 1-03 03 76 «Інтэграванае навучанне і выхаванне ў дашкольнай адукацыі» (кваліфікацыя — настаўнік-дэфектолаг), 1-03 04 72 «Практычная псіхалогія» (кваліфікацыя — педагог-псіхолаг), 1-09 01 72 «Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» (кваліфікацыя — менеджар ў сферы адукацыі). Перападрыхтоўка ажыццяўляецца па вучэбных дысцыплінах у адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» (далей – ІПКіП БДПУ) рэалізуюцца адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі для спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі (выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў-дэфектолагаў і іншых педагагічных работнікаў установы дашкольнай адукацыі).

Падрабязная інфармацыя прадстаўлена на сайце https://ipkip.bspu.by/.

У Інстытуце інклюзіўнай адукацыі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» функцыянуе Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі (далей – РРЦІА).

Падрабязная інфармацыя аб дзейнасці РРЦІА размешчана на сайце https://iio.bspu.by.

Звяртаем увагу, што на сайце размешчана інфармацыя як аб навучальных курсах і кансультацыях для педагагічных работнікаў, так і інфармацыйна-метадычныя рэсурсы (напрыклад, каталог спецыялізаваных праграмна-апаратных сродкаў для выкарыстання ўстановамі адукацыі). Да пачатку навучальнага года запланавана размяшчэнне матэрыялаў для кансультавання бацькоў дзяцей з фактарамі рызыкі ў маўленчым развіцці, фактарамі рызыкі ўзнікнення заікання.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.